МЯСЦО́ВЫ ЧАС,

час, вызначаны для дадзенага месца на Зямлі. Адрозніваюць зорны час, сапраўдны сонечны час і сярэдні сонечны час. М.ч. залежыць ад геагр. даўгаты месца і аднолькавы для ўсіх пунктаў, размешчаных на дадзеным мерыдыяне зямным. Рознасць значэнняў М.ч. ў двух пунктах на Зямлі адпавядае рознасці іх даўгот (напр., рознасць даўгаты крайніх усх. і зах. пунктаў Беларусі складае 9°36′, у выніку чаго наступленне поўдня на У бывае на 38 мін раней, чым на З). М.ч. карыстаюцца пры дакладных кліматычных даследаваннях. У побыце М.ч. нярэдка няправільна наз. паясным часам.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)